Наверх

Об известном метеорологе профессоре Н.П.Мышкине

Опубликовано: 1926 дней назад (5 апреля 2013)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 8 раз — последний 8 апреля 2013
Просмотров: 679
+4
Голосов: 4
Тарсіённыя палі прафесара Мышкіна
або наш Эйнштэйн з Мінскага Метэабюро


У 1921 годзе Альберт Эйнштэйн стаў лаурэатам Нобелеўскай прэміі за адкрыцці ў галіне фотаметрычнага ўздзеяння святла. У канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя праблемы ўздзеяння святла на газы і цвёрдыя рэчывы былі адным з модных накірункаў тэарэтычнай фізікі.
Праблемамі ўздзеяння прамяністай энергіі на фізічныя целы займаўся і кіраўнік Мінскага Метэабюро ў 20-я гады мінулага стагоддзя прафесар Мікалай Паўлавіч Мышкін. У 2014 годзе споўніцца роўна 150 год ад яго нараджэння.
Нарадзіўся будучы вучоны на Вяцкай зямлі ў вёсцы Гальяны Сарапульскага павета ў сям’і сельскага святара Паўла Пятровіча Мышкіна. Зараз вёска Гальяны з’яўляецца амаль прыгарадам горада Іжэўска, сталіцы Удмурціі.
Духоўны род Мышкіных на Вяцкай зямлі пакінуў значны след у гісторыі гэтага края. Дзесяткі прадстаўнікоў гэтага роду былі святарамі, сярод іх і бацька героя нашага даследавання - Павел Пятровіч Мышкін (1833-1902). Бацюшка Павел быў не толькі сельскім святаром, але і таленавітым народным лекарам. Стварыў пры доме госпіталь, у якім лячыліся простыя людзі з усяго прыходу. Садзейнічаў сярод вернікаў прапагандзе трэзвасці. Добрая памяць аб ім захоўваецца да гэтай пары ў Гальянах. А вось Крыжаўздзвіжанскую царкву, дзе бацюшка Павел служыў, разбурылі большавікі ў 1929 годзе. Зараз новы святар Альберт Віктаравіч Філіпаў будуе на гэтым месцы новы храм.

Як сын святара Мікалай Мышкін меў права атрымаць духоўную адукацыю. Першапачаткова ён скончыў Сарапульскае духоўнае вучылішча, затым Вяцкую духоўную семінарыю. Але духоўная кар’ера яго не прываблівала. Таму Мышкін у 1882 годзе паступіў вольным слухачом на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Казанскага універсітэта. Пасля завяршэння курса Казанскага універсітэта быў запрошаны ў Пятроўскую Сельскгаспадарчую акадэмію ў якасці асістэнта да вядомага расійскага фізіка Роберта Андрэевіча Коллі. Пад кіраўніцтвам Коллі займаўся правядзеннем фізічных вопытаў і метэаралагічных назіранняў, бо метэаралогія тады лічылася важным раздзелам фізічнай навукі. Асаблівую цікавасць Мышкін праяўляў да актынаметрыі, назіранняў за атмасфернай электрычнасцю, прадказанняў мінімальных тэмператур паветра. Пасля смерці Коллі ён узначаліў метэаралагічную абсерваторыю акадэміі.
Яшчэ ў 1894 годзе пры рабоце з квадрантным электраметрам Томсана Мышкін заўважыў, што стрэлку прыбора немагчыма ўтрымаць на нулявой адзнацы, нуль дрэйфаваў пад уздзеяннем нейкіх фізічных сіл. Вучоны задумаўся над прычынамі гэтай з’явы. Але змог звярнуцца ізноў да гэтай праблемы толькі праз чатыры гады на новым месцы працы – у Нова-Александрыйскім Сельскагаспадарчым інстытуце. З 1896 года Мышкін заняў тут месца прафесара фізікі і метэаралогіі. Да яго на гэтай пасадзе працаваў вядомы рускі метэаролаг Мікалай Паўлавіч Каламійцаў, стваральнік мясцовай абсерваторыі і цэлай сеткі метэаназіральнікаў у прывісленскіх і заходне-беларускіх губерніях. Па стану здароў’я Каламійцаў вымушаны быў пераехаць у Крым, дзе пабудаваў сабе прыгожы дом, які доўгі час лічыўся архітэктурнай перлінай Крыма. Нова-Александрыйскі інстытут размяшчаўся ў невялікім польскім гарадку Новая Александрыя на рацэ Вісле непадалёку ад Любліна, цяпер гэта польскі горад Пулавы. У інстытуце працавалі лепшыя навуковыя расійскія і еўрапейскія вучоныя. Можна толькі ўпамянуць, што доўгі час дырэктарам інстытута быў вядомы глебазнаўца Васіль Васільевіч Дакучаеў.
У тым жа 1894 годзе, калі Мышкін упершыню заўважыў дзеянне невядомых яму сіл, прафесар Юр’еўскага (зараз Тартускага) універсітэта, ураджэнец Віцебска Аляксандр Іванавіч Садоўскі, прыйшоў да высновы, што на цела, якое падвешана на тонкай нітцы, пры ўздзеянні на яго светлавой хвалі павінны ўздзейнічаць сілы вярчэння. У 1898 годзе ён падрыхтаваў навуковую дысертацыю на тэму “Пандэматорнае дзеянне электрамагнітных і светлавых хваль на крышталі”, у якой упершыню тэарэтычна абаснаваў магчымасць ператварэння светлавой энергіі ў механічную. Яго ідэі былі сустрэты навуковай грамадскасцю з недаверам і насмешкамі, пасля чаго Садоўскі перастаў займацца вопытнымі даследаваннямі. Тэрмін пандэматорнае дзеянне паходзіць ад грэчаскіх слоў пандэас “вага” і матор “рух”). Аб існаванні пандэра-электракінетычнай часткі энергіі заявіў яшчэ ў 1881 годзе настаўнік Мышкіна - Роберт Андрэевіч Коллі.
Вядомы расійскі фізік Пётр Мікалаевіч Лебедзеў таксама працаваў у гэтым напрамку і аказаўся ўдачлівей Садоўскага. Ён змог у 1899 годзе эксперыментальна вымераць сілу ціска святла на цвёрдыя целы, прадказанную раней англійскім фізікам Джэмсам Максвелам. У далейшай навуковай дзейнасці Лебедзеў займаўся і праблемай уздзеяння святла на газы, што мела каласальнае значэнне для развіцця фізікі і астраноміі, і дало магчымасць вызначыць памеры нашай галактыкі.
У лабараторыі Лебедзева пачаў працаваць з 1904 года будучы акадэмік Пётр Пятровіч Лазараў, які стаў хутка яго навуковым спадзвіжнікам. Інтарэсы гэтага навукоўца была надзвычай шырокія – ад малекулярнай фізікі да геафізікі і біяфізікі. Да эксперыментаў Мікалая Мышкіна Пётр Лебедзеў і яго вучань Пётр Лазараў адносіліся крытычна. Да вынікаў першых вопытаў Мышкіна з недаверам паставіўся і сам мэтр расійскай фізікі Андрэй Рыгоравіч Сталетаў, назваўшы іх “непераднамеранай фальсіфікацыяй”. Той жа Сталетаў па ўспамінах А.Л.Чыжэўскага ў свой час недабразычліва перакрыў дарогу ў тэарэтычную фізіку будучаму дырэктару Галоўнай Геафізічнай абсерваторыі Барысу Барысавічу Галіцыну. І той вымушаны быў пайсці ў геафізіку і метэаралогію. Такая з’ява не рэдкасць у вучоным свеце, калі навуковыя інтарэсы даследчыкаў перасякаюцца. І не проста перасякаюцца. Больш моцныя і больш уплывовыя проста адсякаюць канкурэнтаў і не даюць ім далейшай дарогі. Могуць яшчэ пры гэтым слабейшых і брудам паліць. Гэтая абставіна, магчыма, адыграла сваю негатыўную ролю і ў жыцці нашага героя. Вядома, што П.М.Лебедзеў у пісьмах да прафесара В.К.Лебядзінскага і таго ж Б.Б.Галіцына эксперыменты М.П.Мышкіна называў вельмі абразліва “белібердой”, а самога вучонага – “шкодным фруктам” і нават “прахвостам”.
Прозвішча Мышкіна стала вядомым шырокай рускай навуковай грамадкасці з 1901 года, калі ён на паседжанні З’езда Рускіх прыродавыпрабавальнікаў і ўрачоў упершыню зрабіў даклад аб сваіх эксперыментах па вывучэнню руху фізічных цел ў струмені прамяністай энергіі. Для вопытаў вучоны выкарыстоўваў вядомую трубку Крукса. Аказалася, што пры ўздзеянні святла крылатка прыбора пачынала рухацца. Прыбор нястомлівы эксперыментатар памяшчаў у розныя асяроддзі – звычайнае і разрэжаннае паветра, у холад і ваду, на сонечнае і месяцавае ззянне, пад газавую гарэлку і лямпы. Аказалася, што крылатка пры розных умовах асвятлення пачынала вярчэнне то па гадзіннікавай, то супроць гадзіннікавай стрэлкі. Вучоны стараўся разабрацца, чаму гэтак адбываецца. Такія ж вопыты праводзілі і іншыя вядомыя еўрапейскія вучоныя – Неезі, Цэльнер, Прынсгейм, але прыемлівага тлумачэння і яны не знайшлі.
У Нова-Александрыйскім Сельскагаспадарчым інстытуце Мышкін, як церпялівы і вопытны назіральнік за з’явамі прыроды, на працягу амаль трох год (1900-1903) праводзіў рэгулярныя штодзённыя назіранні за паводзінамі вярчальных вагаў ва ўстаноўленныя метэаралагічныя тэрміны: у 7, 13 і 19 гадзін. У працы яму дапамагалі супрацоўнікі метэаралагічнай станцыі Нова-Александрыйскага інстытута - А.М.Івіцкі і А.Д.Кірпеч. Вярчальнае прыстасаванне было зроблена ў выглядзе шклянога сасуда, у якім у якасці індыкатара на тонкай шаўковай, або плацінавай нітачцы падвешваўся тонкі слюдзяны дыск. Ад вонкавага ўздзеяння сасуд закрываўся рознымі матэрыяламі – дрэвам, картонам, розным металлам, але індыкатар прыбора, нягледзячы на гэта, рухаўся. Мала таго, пры вымярэннях адбываўся дрэйф нуля і гэтая памылка заканамерна паўтаралася. Рух індыкатара не тлумачыўся ні гравітацыйным, ні электрамагнітным уздзеяннем. Мышкін назваў дрэйф нуля “дыханнем Зямлі”, а таямнічыя сілы, якія рухалі слюдзяны дыск, пандэматорнымі сіламі.
Пасля апрацоўкі матэрыялаў Мышкін далажыў аб выніках сваёй працы на паседжанні Рускага фізіка-хімічнага таварыства. На пачатку 1906 года вучоны адаслаў свой даклад у рэлакцыю часопіса гэтага таварыства. Хоць рукапіс меў больш 30 старонак, рэдактар пасля некаторых ваганняў яго апублікаваў. Нечакана, артыкул атрымаў мноства станоўчых водгукаў. Яшчэ двойчы ў 1909 і 1911 гадах вучоны публікаваў на старонках часопіса матэрыялы пра свае эксперыменты. У 1912 годзе Мышкін выязджаў з навуковымі мэтамі ў Германію і Швецыю. А у 1916 годзе ў Петраградзе ў апошніх “Запісках Нова-Алесандрыйскага інстытута” выйшаў новы артыкул М.Мышкіна “ Спосаб кампенсацыі ў методыцы земнамагнітнага вымярэння”.
Гэтыя адкрыцці прафесара Мышкіна адчынілі шлях да тэорыі далёкадзейных палёў вярчэння, вядомых у сучаснасці пад назвай тарсіённых. У дваццатыя гады мінулага стагоддзя развіццё гэтага навуковага напрамку і прывяло да стварэння вядомых тэорый А.Эйнштэйна і Э.Картана.
Сам вучоны быў не толькі голым тэарэтыкам, але спрабаваў рэалізаваць некаторыя свае ідэі ў жыццё. Так, даследуючы вярчэнне дыэлектрыка ў электрычным полі, Мышкін вырашыў выкарыстаць гэты эффект для стварэння рухавіка. Дзеючая мадэль рухавіка прадстаўляла сабой насаджаныя на агульны вал эбанітавыя дыскі, над якімі зверху былі замацаваныя шчоткі з зубцамі. На гэтыя шчоткі падаваўся электрычны ток з дапамогай катушкі Румкора, рухавік развіваў хуткасць да 4000 абаротаў у мінуту. Як фізік і метэаролаг Мышкін зразумеў, што для стварэння электрычнага поля для рухавіка можна выкарыстаць энергію атмасферы. У Новай Александрыі ў 1902 годзе ён запускаў паветранага змея, да якога замацоўваў тонкі металічны трос, які выконваў ролю правадніка. Пазней сваімі ідэямі Мышкін зацікавіў нават Вялікага князя Пятра Мікалаевіча Раманава. У выніку Мышкін атрымаў сродкі на свае эксперыменты. У 1905 годзе ў паветраплавацельным аддзяленні Івангародскай крэпасці на рацэ Нарве быў пабудаваны павільён для эксперыментаў дабывання электрычнасці з вышынных слаёў атмасферы з дапамогай вышынных змеяў, якія запускаліся на вышыню да 1000 метраў. Перадаваемае напружанне дасягала 50 тысяч вольт. Як ведаем у Галоўнай Геафізічнай абсерваторыі і Паўлаўскай абсерваторыі таксама праводзіліся вопыты з рознымі паветранымі тэхнічнымі носьбітамі – змеямі, шарамі, зондамі для даследавання вышынных слаёў атмасферы. Таму былы дэрэктар ГФО Рыкачоў летам 1917 года прапанаваў Мышкіну праводзіць сумесна такія вопыты. Але палітычныя падзеі не дазволілі гэта зрабіць.
Савецкі астраном Н.А.Козыраў паўтарыў вопыт Мышкіна з астранамічнымі прыборамі і знайшоў, што стрэлка гальванометра тэлескопа нават з закрытым аб’ектывам таксама знаходзіцца пад уплывам уздзеяння аддаленых палёў. З дапамогай вярчальных вагаў у 1942 годзе амерыканскія астраномы Д.Э.Хейл і П.Хржаноўскі вылічылі значэнне гравітацыйнай пастаяннай.
У 1999 годзе рэдактар часопіса “НЛО” Г.Чарненка апрацаваў матэрыялы назіранняў Мышкіна на камп’ютары і выявіў супадзенне рэзанансных пікаў з фазамі Сонца і Месяца. Ульянаўскі фізік В.Бяляеў удасканаліў вагі Мышкіна і правёў з імі серыю назіранняў. Аказалася, прыбор па-рознаму рэагаваў на аб’екты жывой і нежывой прыроды. Тульскі прафесар А.В.Мартынаў, доктар тэхнічных навук, стварыў вярчальную сістэму ШГМ-9, з дапамогай якой прадпрымаў спробы прадказання надвор’я і землятрусаў. Звяртаўся А.В.Мартынаў са сваімі прагнозамі і да Прэзідэнта нашай краіны А.Р.Лукашэнка. Грамадства яшчэ да канца не рэалізавала адкрытую Мышкіным з’яву, магчыма, гэта справа будучыні.
Цяпер застаецца расказаць як прафесар Мышкін апынуўся ў Мінску. У Нова-Александрыйскім Сельскагаспадарчым інстытуце вучоны прабыў да 1914 года. З-за ваенных дзеянняў інстытут пераехаў у Харкаў. Тут Мышкін непрацяглы час працаваў у Харкаўскім Сельскагаспадарчым інстытуце і ў школе фізікі Харкаўскага універсітэта, адкуль яго пасля грамадзянскай вайны на пачатку 20-х гадоў Урад Беларускай рэспублікі запрасіў у Мінск на пасаду загадчыка кафедры фізікі Беларускага інстытута Сельскай і Лясной гаспадаркі. У Мінску ў 1923 годзе Мікалай Паўлавіч распрацаваў планы стварэння на базе кафедры фізікі навуковага інстытута ў выглядзе даследчай геафізічнай абсерваторыі для правядзення комплекса навуковых работ, геафізічных і метэаралагічных назіранняў на тэрыторыі Беларусі. Заставалася толькі рэалізаваць гэтыя планы. Але новыя сацыялістычныя чыноўнікі з Наркамата Земляробства вырашылі па іншаму. У 1924 годзе пад уплывам Масквы ў Мінску замесц навуковага інстытута было створана звычайнае Метэабюро, на якое ўсклалі ўвесь комплекс навуковай, аператыўнай і арганізацыйнай працы ў галіне геафізікі і метэаралогіі. Састаў Метэабюро быў абмежаваны толькі трыма фізікамі-вылічальнікамі, па-сучаснаму сіноптыкамі і кур’ерам. Загадчыкам Метэабюро быў прызначаны прафесар Мышкін, які быў завалены арганізацыйнай, метадычнай. апрацоўчай і сінаптычнай працай. Ён быў вымушаны вучыць новай сінаптычнай навуцы маладыя кадры, распрацоўваць і састаўляць першыя ў рэспубліцы тэрміновыя прагнозы і месячныя бюллетэні надвор’я, апрацоўваць і размнажаць вынікі назіранняў метэаралагічных станцый, забяспечваць імі органы дзяржаўнай улады і розныя арганізацыі. За гэтую працу прафесару плацілі напалову менш абяцанага.
Часу на навуковую дзейнасць за “цякучкай” у прафесара не заставалася. Часта не хапала і фізічных сіл, як ніяк ужо за 60 год яму пераваліла. Вясной 1925 года прафесар не вытрымлівае і падае заяву аб звальненні. Адначасова ён спрабуе знайсці спецыялістаў для гідраметслужбы Беларусі з ліку дарэвалюцыйных спяцоў-геафізікаў у Ленінградзе, але марна. Апошняй кроплей цярпення стала для прафесара вестка, што загадчыкам усёй геафізічнай службы рэспублікі хочуць прызначыць бальшавіка Д.П.Хржаноўскага, агранома па прафесіі. Да рэвалюцыі ў Расійскай Імперыі дзейнічала правіла, што загадваць геафізічнай установай мог толькі прафесар, які меў навуковы і практычны вопыт у гэтай галіне фізічнай навукі. Нажаль, бальшавіцкія метады кіравання гідраметслужбай захаваліся ў нашай краіне да гэтай пары, якой і цяпер кіруюць зусім не прафесары ад метэаралогіі. Ну а прафесар Мышкін яшчэ пяць год працаваў у метэаралагічнай службе БССР, але простым вылічальнікам-сіноптыкам. У 1926 годзе ў “Запісках Горацкай Сельскагаспадарчай Акадэміі” быў надрукаваны яго артыкул аб заканамернасцях у пабудове планетарнай сістэмы Сонца, што паказвае шырокі круг інтарэсаў вучонага. Цікавы факт, яшчэ да канца не праяснены - у 1927 годзе сярод навуковых супрацоўнікаў Беларускага НДІ Сельскай і Лясной Гаспадаркі адзначана аспірантка па спецыяльнасці метэаралогія - А.Е.Мышкіна. Кім яна даводзілася прафесару М.П.Мышкіну пакуль устанавіць не ўдалося.
А загадчыкам беларускага Метэабюро ў 1925 годзе становіцца фізік Мікалай Іванавіч Макарэўскі, вучань вядомага метэаролага Б.І.Сразнеўскага. Макарэўскі з вялікай павагай адносіцца да распрацовак прафесара Мышкіна ў галіне доўгатэрміновага прагназавання надвор’я, заснаванага на сезонных хваляваннях фізічных элементаў атмасферы. Нават у наш час сіноптыкі не рызыкуюць састаўляць прагноз больш чым на 3-7 дзён. Месячныя прагнозы надвор’я дасылаюцца для тэрыторыі Беларусі з Гідраметцэнтра РФ. А прафесар Мышкін у дваццатыя гады складаў свае прагнозы не толькі на месяц, але і на цэлыя сезоны года. Гэта была для свайго часу неардынарная асоба. А любая, арганізаваная чыноўнікамі сістэма, такіх асоб не прымае, выціскае са свайго “вярчальнага поля”. Таму, у 1930 годзе наш “Эйнштэйн” ад’язджае ў Самару, дзе па рашэнню Савецкага ўрада быў арганізаваны Сярэдневолжскі педагагічны Інстытут і тры новыя тэхічныя інстытуты, куды запрашаліся аўтарытэтныя навуковыя кадры з усёй СССР. Прафесар М.П.Мышкін становіцца заснавальнікам кафедры фізікі Сярэдняволжскага педінстытута. Тут ён працаваў толькі два гады, але, нават за такі кароткі тэрмін паспеў зрабіць вельмі многае. Матэрыялы аб дзейнасці вучонага ў гэты перыяд можна знайсці ў гістарычным нарысе Самарскага Педагагічнага ўніверсітэта. Пад кіраўніцтвам Мышкіна былі адчынены кабінеты фізікі, метэаралогіі, астраноміі, лабараторыя фізікі. Разам з дэканам факультэта матэматыкам С.Б.Свяржынскім Мікалай Паўлавіч Мышкін паклаў пачатак навукова-даследчай працы Самарскага педінстытута. Вучоны публікае артыкулы: “Новыя матэрыялы па пытанню фізічнай неаднароднасці ў зямным полі”, “Элементы перыядычных хваляванняў глебы па назіраннях Кінельскай метэаралагічнай станцыі з 1906 па 1929 гады”. Памочнікамі і спадзвіжнікамі прафесара у навукова-даследчай і педагагічнай дзейнасці сталі супрацоўнікі факультэта П.Д.Чукавенеў, А.В.Нядзвецкі, Д.П.Арлоў, В.А.Мікалаеў, А.Г.Марозаў, яго вучань Паўлаў і іншыя.
З 1932 года М.П.Мышкін пераходзіць на працу ў новы Самарскі Хіміка-Тэхналагічны інстытут, тут прафесар арганізуе кафедру тэарэтычнай фізікі. Яшчэ два гады прафесар працуе ў Самарскай Сельскагаспадарчай акадэміі і працягвае займацца навуковай дзейнасцю. На яго ідэі ў пытанні неаднароднасці фізічнага поля Зямлі робіць спасылкі сам акадэмік Уладзімір Іванавіч Вярнадскі.
У дзённіках Вярнадскага за 1938 год ёсць некалькі ўпамінкаў пра прафесара Мышкіна і, дарэчы, не вельмі прыемных. Справа ў тым, што пасля смерці Мышкіна яго ўдава Зінаіда Іванаўна, выконваючы перадсмяротную волю мужа, звярнулася да акадэміка Вярнадскага, каб той стаў рэцэнзентам прац мужа ў навуковых выданнях Самары. Акадэмік У.І.Вярнадскі параіўся па гэтай справе з другім акадэмікам П.П.Лазаравым, свядомым і даўнім праціўнікам прафесара Мышкіна. Лазараў абразліва назваў Мышкіна “сумасшедшим”, які многа крыві папіў яго настаўніку П.М.Лебедзеву. Вярнадскі, не ведаючы Мышкіна асабіста, зрабіў пасля размовы з Лазаравым у дзённіку адзнаку - “маньяк по-видимому” і “неталантливый экспериментатор”. Вось так, з песні слова не выкінеш. Пісьмо ў Самару, адрасаванае дэкану фізіка-матэматычнага факультэта педінстытута Свяржынскаму, акадэмік Вярнадскі ўсё-такі паслаў, але пра яго змест можна толькі здагадвацца.
Па ўспамінах былых вучняў прафесара Мышкіна ён, як педагог, быў вельмі строгі, лічыўся гразой студэнтаў, але яго лекцыі былі цікавыя, заваражвалі сваёй навізной і глыбінёй. Сярод вучняў прафесара Мышкіна аказалася многа будучых славутых вучоных, адзін з іх - акадэмік АН СССР, Герой Сацыялістычнай працы, кіраўнік будаўніцтва Кузнецкага металлургічнага камбіната Іван Паўлавіч Бардзін, які вельмі цёпла адзываўся аб прафесары ў сваіх успамінах пра часы навучання ў Нова-Александрыйскім Сельскагаспадарчым інстытуце. За ўдзел у рэвалюцыйных хваляваннях студэнта Бардзіна, праўда, хутка выключылі з гэтага інстытута. Ён змог пасля прадоўжыць адукацыю ў Кіеўскім Палітэхнічным інстытуце. Але добрую памяць пра прафесара Мышкіна з Новай Александрыі захаваў надоўга.
У саставе Мінскага Метэабюро пад кіраўніцтвам прафесара М.П.Мышкіна працаваў у сярэдзіне дваццатых гадоў яшчэ адзін малады фізік - Мікалай Мікалаевіч Каўцэвіч. Неўзабаве ён перайшоў на выкладчыцкую працу ў Горацкую Сельскагаспадарчую акадэмію і тут пры выкладанні курса фізікі ён часта выкарыстоўваў матэрыялы даследаванняў прафесара Мышкіна. У праграму па механіцы на 1930 год дацэнт Каўцэвіч ўключыў цэлы раздзел “Энергія вярчальнага цела”. У 1932 годзе Каўцэвіч стаў прафесарам, а ў 1941 годзе за працы ў галіне тэарэтычнай фізікі ён атрымаў ордэн “Знак Пашаны”. Пасля вайны на пасадзе рэктара Горацкай акадэміі Мікалай Мікалаевіч аддаў многа сіл па яе ўзнаўленню.
Прафесар Мышкін памёр у 1936 годзе ў Самары, незадоўга да гэтага перайменаванай ў Куйбышаў. Цяпер гэты горад ізноў называецца Самара. Вось так жыццё круціць па вялікіх і малых траекторыях чалавечыя лёсы, іх імёны і назвы месц. Біяграфія Мышкіна, праўда толькі да 1906 года, прыводзіцца ва ўсіх значных расійскіх дарэвалюцыйных і сучасных энцыклапедыях. Прозвішча прафесара Мышкіна ўспамінаецца на інтэрнэтаўскіх сайтах Самарскіх ВНУ, у публікацыях пра цікавыя навуковыя адкрыцці ў фізіцы, не забыта яно і ў гісторыі польскага Пулаўскага інстытута Сельскай і Лясной гаспадаркі. Няма ўпамінку пра прафесара Мышкіна ў беларускіх энцыклапедыях. Застаецца толькі шкадаваць, што навуковы талент гэтага вучонага не ацанілі і не рэалізавалі ў далёкія 20-я гады ў нашай рэспубліцы.
Аўтарам сабрана падборка дакументаў і матэрыялаў, якія тычацца дзейнасці прафесара Мышкіна ў БССР. Абнадзеімся, што зможам іх выдаць да 150-гадовага юбілея гэтага вучонага.
Магнус Гэдэман - метэаролаг з Васілевіч | Менделеев как метеоролог
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!